Сборник научных статей по материалам Республиканской научной конференции



страница18/22
Дата09.08.2019
Размер0.72 Mb.
#127695
ТипСборник
1   ...   14   15   16   17   18   19   20   21   22

Секцыя 5. БЕЛАРУСКАЯ МОВА: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
УДК 808.26(072)

АДАМАЎ У. Г., МАРОЗАЎ А. А., студэнты

ТРАСЯНКА” І ЯЕ НЕГАТЫЎНЫ ЎПЛЫЎ

НА КУЛЬТУРУ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ

Навуковы кіраўнік – МАЛЬКО Г. І., канд. філал. навук, дацэнт

УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”,

Горкі, Рэспубліка Беларусь
Трасянка – гэта змешанае руска-беларускае маўленне, якое ўзнікае пры ўзаемадзеянні блізкароднасных беларускай і рускай моў. Феномен беларускай трасянкі выклікае вялікую цікавасць даследчыкаў, як айчынных, так і замежных.

Як навуковы тэрмін яна хутка ўвайшла ў мовазнаўства, апошнім часам значна пашырае сваё семантычнае поле: духоўная трасянка (голас духа цемры), дзікая мяшанка, нацыянальны брэнд, крыніца натхнення, мова багемы, кіч.

Вельмі часта можна пачуць наступныя словы і выразы з трасянкі: да, вот, іменна, как, эта, то есць, дзярэўня, курей, шчот, абшчэнне, выдзвігаць, палучаць, нада, апрэль, атражаць, скамейка, наскі, гасударства, мець інцярэсы, з бацькай, беларускі язык, аб’яўленне. Прыклады можна прыводзіць бясконца.

Феномен трасянкі не можа не выклікаць цікавасці ў лінгвіста. Сама назва “трасянка” – гэта тэрміналагічная метафара, створаная ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Першапачатковай асновай тэрміна стала, відаць, спалучэнне “моўная трасянка”, падобнае да іншых словазлучэнняў, што выкарыстоўваюцца для абазначэння гэтага феномена ў публіцыстыцы: “моўная жвачка”, “моўны гібрыд”, “моўны сурагат”, “моўная хімера”.

Першасны сэнс слова “трасянка” многія забыліся, яно ўжо патрабуе разгорнутых тлумачэнняў, як, напрыклад, у каментарыі да “Трасянка-беларуска-рускага слоўніка”: “Тэрмін “трасянка” пайшоў ад назвы корму для буйной рагатай жывёлы, гэта значыць каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Праўда, малака не прыбаўляе. Так і беларусы: сваёй жудаснай трасянкі не заўважаюць ні ў хаце, ні ў аўтобусе, ні ў Вярхоўным Савеце“ (Круг, 04.04.96).

Аб часе ўзнікнення тэрміна-метафары няма дакладных звестак, але вядома, што яшчэ ў 20-я гады ХХ ст. В. Ластоўскі, наведаўшы падчас Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926 г.) Савецкую Беларусь, называў гэты феномен чаўнёй (відаць, з “чаўпня”, што ад дзеяслова “чаўпсці” – гаварыць лухту, плявузгаць).

Мадэллю для ўтварэння тэрміна “трасянка”, мусіць, стаў адпаведны ўкраінскі тэрмін – “суржик”, які азначае сумесь жыта, пшаніцы, ячменю, аўса або нізкаякасную муку з рознага збожжа. Хаця можна дапусціць і цалкам самастойнае развіццё, бо ідэя змяшэння і нізкай якасці прысутная ва ўсіх назвах аналагічных утварэнняў.

Яркая эмацыйнасць метафары і дазволіла тэрміну “трасянка” замацавацца ў беларускай лінгвістыцы. Іншыя абазначэнні –“мешаніна” (Я. Мірановіч), “ламаніна” (А. Бяляцкі), “тарабар-шчына” (А. Казловіч) – пры ўсёй іх экспрэсіўнасці маюць занадта агульны характар і не паддаюцца тэрміналагізацыі.

Адам Мальдзіс утварыў складаную назву“мататрасянка”: “Сённяшні грамадзянін нашай краіны павінен аднолькава добра ведаць не толькі рускую, але і беларускую мову. На жаль, ён часцей за ўсё не ведае добра ніякай, гаворыць на “трасянцы”, густа перасыпанай матам (“мататрасянцы”) (Літаратура і мастацтва, 29.09.95).

І, нарэшце, шмат якія аўтары праз азначэнні спрабуюць выразіць сваё эмацыянальнае стаўленне да самой з’явы: “знакамітая, жахлівая сваёй убогасцю “трасянка” (С. Законнікаў), “брыдкая трасянка”

(А. Бяляцкі), “горшая “трасянка” (В. Скараход), “жудасная трасянка” (А. Казловіч). У сувязі з пранікненнем трасянкі ў адміністрацыйную сферу на самым высокім узроўні для падкрэслівання яе гібрыднага характару гродзенскі журналіст Сяргей Астраўцоў ужыў выраз “дзяржаўны “наваяз”: “Рабочая мова селектарнай планёркі – дзяржаўны “наваяз” (Наша Ніва, 12.08.96).

Шырокае выкарыстанне трасянкі адмоўна ўплывае на культуру беларускамоўнага маўлення і прыводзіць да разбурэння літаратурных нормаў беларускай мовы.


ЛІТАРАТУРА
1. Свяжынскі,У. З гісторыі беларускай “трасянкі” / У. Свяжынскі // Наша слова. – 1990. – № 2.

2. Цыхун, Г. А. “Трасянка” як аб’ект лінгвістычнага даследавання / Г. А. Цыхун // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: матэрыялы Міжнар. навук. канф., Мінск, 22–24 кастр. 1997 г. – Мінск, 1998.


УДК 808.26(072)

АНІСІМОВІЧ Р. А., студэнт



ПРА НЕКАТОРЫЯ БЕЛАРУСКІЯ НАЗВЫ ПТУШАК

Навуковы кіраўнік – ДАБІЖЫ С. П., ст. выкладчык

УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”,

Горкі, Рэспубліка Беларусь
Птушкі ў беларускай народнай культуры займаюць пачэснае месца: пра іх нашы продкі складалі легенды і паданні, казкі і загадкі, і сёння птушак вышываюць на ручніках, да іх звяртаюцца ў жалобных песнях.

Назвы птушак, відаць, сфарміраваліся досыць даўно. На жаль, паходжанне многіх сучасных назваў птушак складана растлумачыць. Але можна вызначыць асноўныя крытэрыі намінацыі: па прыкметах вонкавага выгляду, па адметных спевах, па паводзінах, па асаблівасці харчавання, па месцы палявання або гнездавання.

Многія беларускія назвы птушак адлюстроўваюць іх знешні выгляд, характар паводзін ці манеру руху. Да такіх, напрыклад, адносіцца назва дзікай качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos). У аснове назвы ляжыць дзеяслоў крыжаваць, які апісвае гэту птушкі ў лёце.

Мякка, калыхаючыся ўправа і ўлева ўсім целам, лётае ляляк (Caprimulgus europaeus). Менавіта таму і атрымаў такую назву, якая ўзыходзіць да праславянскага слова lelĕjati са значэннем «калыхацца». А вось назва птушачкі пліска, ці сітаўка (Motacilla alba), якая любіць паплёхацца пасля дажджу ў лужынах, па меркаваннях беларусаведаў, паходзіць ад дзеяслова пліскаць са значэннем «плёхацца ў вадзе». Назва птушкі крыжадзюб (Loxia curvirostr) паходзіць ад назоўніка крыж: дзюба ў гэтай птушкі загнута крыж-накрыж. Стракатая птушка арабок (Bonasa bonasia) атрымала назву, відаць, ад прыметніка рабы. Самую маленькую птушачку нашых лясоў называюць каралёк (Regulus regulus). На галаве ў яе жоўтыя пёркі, як залатая карона.

Найчасцей сярод найменняў птушак сустракаюцца словы гукапераймальнага характару. Гэта значыць, што ў аснову намінацыі пакладзены словы ці ўтварэнні, якія апісваюць тыповыя для той ці іншай птушкі гукі. Напрыклад, слова грак (Corvus frugilegus) паходзіць ад гукапераймальнага дзеяслова гракаць са значэннем «каркаць». Крык гэтай птушкі нагадвае гукі крумкачоў. Слова крумкач (Corvus corax), у сваю чаргу, паходзіць ад літоўскага дзеяслова kruñktiса са значэннем «каркаць».

Для беларуса кожная птушка шчабеча па-свойму: свіргоча чорны свіргуль (Apus apus), крычыць сваё нязменнае кні-кні кнігаўка, або каня (Vanellus vanellus), каўкае каўка (Pyrrhocorax graculus). Ні з кім іншым не зблытаеш пугу – крык начной савы, якую беларусы называюць пугач (Bubo bubo). Калі глушэц (Lyrurus urogalus) спявае, або, як кажуць, такуе, ён сапраўды не чуе старонняга шуму. Канюк (Buteo buteo) – драпежная птушка. Яе назва звязваецца з характэрным жаласным крыкам. Але, магчыма, раней назва птушкі канюк гучала як канук і была звязана са старажытнаславянскім дзеясловам канути ў значэнні «падаць», бо падзенне на сваю ахвяру – характэрная рыса паводзін канюкоў падчас палявання.

Ці можа паслужыць асновай для назвы птушак месца іх жыхарства? Так, чарацянка, ці чаротаўка (Acrocephalus palustris), усё жыццё праводзіць у чароце.

Хочацца звярнуць увагу на назву птушкі снягір (Pyrrhula pyrrhula). Снягір прылятае да нас разам са снегам і жыве ўсю зіму, а вясной адпраўляецца на поўнач. Аднак ёсць і іншае тлумачэнне назвы: снігір (так раней пісалі гэта слова) утворана ад цюркскага сніг – «чырванагруды». Затым снігір змянілася на сучаснае снягір, бо птушка стала асацыявацца ў народзе са снегам.

Вялікую цікавасць выклікае назва птушкі зязюля (Cuculus canorus). У многіх славянскіх мовах яна атрымала гукапераймальную назву: кукушка (рус.), кукачка (чэш.), кукувйца (балг.). Як адзначае даследчык «Песні пра паход Ігараў» А. С. Арлоў, аналізуючы плач Яраслаўны («полечу зегзицею по Дунаю…»), зегзіца – гэта зязюля. Даследчыкі не знайшлі ў жывой рускай мове XIX–XX стст. слова зегзіца, але гэта слова ў розных вырыянтах сустракаецца ў рускіх дыялектах і ў беларускай літаратурнай і дыялектнай мове: зазуля, зязуля, зязюлька, зязюленька. Як вядома, зязюля не робіць гнязда, не выседжвае яйкі, не корміць птушанят, трымаецца самотна, скрытна, гучна кукуе. Усё гэта спарадзіла некалькі сюжэтаў «зязюлінага міфа» пра паходжанне і дзівоснае ператварэнне жанчыны ў зязюлю. Між тым паходжанне самой лексемы зязюля застаецца цьмяным.

Такім чынам, сучасныя беларускія назвы некаторых птушак можна растлумачыць, зыходзячы з асаблівасцей палявання, месца гнездаван-ня. Але паходжанне некаторых назваў застаецца нявысветленым.


ЛІТАРАТУРА
1. Гура, А. В. Символика животных в славянской народной традиции / А. В. Гура. – М.: Издательство «Индрик», 1997. – 912 с.

2. Орлов, А. С. Слово о полку Игореве / А. С. Орлов. – М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1938. – 176 с.

УДК 808.26(072)

АЎДЗЕЕВА Ю. С., студэнтка



ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ З УЛАСНЫМІ ІМЁНАМІ

Навуковы кіраўнік – МАЛЬКО Г. І., канд. філал. навук, дацэнт

УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”,

Горкі, Рэспубліка Беларусь
Разгледзім групу фразеалагізмаў, у складзе якіх маюцца ўласныя імёны, што захоўваюць культурную інфармацыю, культурную спадчыну: гістарычныя падзеі, асаблівасці грамадскіх адносін у пэўнай краіне, уклад жыцця, звычаі і вераванні, якія былі характэрны таму ці іншаму народу. Гэта азначае, што фразеалагізмы з’яўляюцца крыніцай пазнання і атрымання культурнай інфармацыі.

Імя як кампанент фразеалагізмаў абазначае мужчыну ці жанчыну, а таму ў фразеалагізмах яно можа быць прадстаўлена:

а) імёнамі мужчын: Адам, Абрам, Алёша, Андрэй, Батый, Гіменей, Іван, Каін, Карл, Кузьма, Лазар, Макар, Мамай, Марка, Марфей, Марцін, Мікіта, Пётр, Тантал, Фама, Хведар, Юда, Янус.

З гэтымі імёнамі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове зафіксаваны наступныя фразеалагізмы: ад Адама ‘з даўніх часоў, здаўна’ і ‘здалёк, не адразу прыступаючы да сутнасці справы’; адпраў-ляцца да Абрама / Абрагама на піва ‘паміраць’; Алёша з батонамі ‘някемлівы, няўмелы чалавек, недарэка’; Андрэй Кузьме родны Хведар ‘той, хто важнічае, хваліцца блізкасцю ці сваяцтвам з нераўнёй’; адзін раз Марку жаніць ‘выказванне поўнай рашучасці перад прыняццем рашэння, што ні будзе, што ні здарыцца’; двухаблічны Янус ‘крывадушны чалавек’; дзе Макар козы пасе ‘вельмі далёка (папасці, трапіць і пад.)’ і ‘ў далёкую ссылку (выслаць, загнаць і пад.)’; запець / заспяваць Лазара ‘пачаць скардзіцца на свой лёс, імкнучыся выклікаць спачуванне, спагаду да сябе’; звязваць сябе вузамі Гіменея ‘ўступаць у шлюб’; Іван без роду і племені ‘той, хто парваў усе сувязі з роднымі, блізкімі яму людзьмі, з асяроддзем, якое выхавала яго’; ківаць на Пятра ‘звальваць віну на іншага’; куды Макар цялят не ганяў ‘вельмі далёка’; мукі Тантала ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немагчымасці дасягнуць яе’; пацалунак Юды ‘здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы’; у абдымкі Марфея ‘спаць’; Фама няверны / няверуючы ‘чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-небудзь’; як Мамай / Батый прайшоў ‘дзе-небудзь поўны беспарадак, неразбярыха’; як Марцін да кавы ‘празмерна цікаўны’; як папа Карла рабіць, працаваць ‘напружана, высільваючыся’.

Да пералічаных фразеалагізмаў прымыкае яшчэ як піліп з канапель ‘нечакана, раптоўна’. Яшчэ нядаўна кампанент Піліп у складзе гэтага фразеалагізма пісаўся з вялікай літары. Часам узнікненне фразеалагізма звязваюць з легендай: аднойчы на сейме магната Радзівіла нечакана і недарэчна выказаўся шляхціц Піліп з Канапель (так называўся засценак на Чэрвеньшчыне) і быў востра абсмяяны.

Але больш верагодная версія беларускага даследчыка, які звязвае піліп – filip з народнай назвай зайца ў польскай мове, адкуль і запазычаны фразеалагізм, што склаўся, як зазначае І. Я. Лепешаў, “у асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль”. Як вынік такога паходжання – напісанне кампанентаў як піліп з канапель з малой літары, а гэта азначае, што фразеалагізм паводле паходжання не мае ніякіх адносін да ўласных імёнаў;

б) імёнамі жанчын: Ганна, Ева, Магдуся, Пандора, Сара. Такіх адзінак няшмат: пастухова Ганна ‘кожны, нават някемлівы чалавек (разумее, зразумее, зробіць што-небудзь)’; скрыня Пандоры ‘крыніца ліха, бедаў’; у касцюме Евы ‘без адзення, голая’; як ксёндз Магдусі ‘вельмі добра (дагадзіць каму-небудзь)’; як Сара казала ‘так, як каму-небудзь хочацца’.

Прозвішча як кампанент фразеалагізмаў прадстаўлена ў невялікай колькасці: Духонін, Катоўскі, Заблоцкі, Прышыбееў, Манамах: адпраў-ляцца ў штаб Духоніна ‘расстрэльваць’; пад Катоўскага стрыгчы ‘дагала’; унтэр прышыбееў ‘самачынны ахоўнік парадку, душыцель свабоды’; шапка Манамаха ‘галаўны ўбор як сімвал царскай улады ў Расіі’ і ‘адзінае, поўнаўладнае кіраўніцтва дзяржавай’; як Заблоцкі на мыле ‘зусім нічога (зарабіць і пад.)’.

Фразеалагічныя багацці кожнай мовы – скарбніца вобразных яе сродкаў. Веданне і ўжыванне фразеалагізмаў увогуле, у тым ліку і тых, якія сваім кампанентам маюць уласнае імя, узбагачае мову кожнага чалавека, далучаючы чалавека да здабыткаў сваёй мовы.
ЛІТАРАТУРА
1. Лепешаў, І. Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы / І. Я. Лепешаў. – Мінск: Вышэйшая школа, 1998. – 271 с.

2. Лепешаў, І. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І. Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 2004. – 448 с.

УДК 808.26(072)

ГРУК Б. В., студэнт



ШТУЧНЫЯ МОВЫ

Навуковы кіраўнік – МАЛЬКО Г. І., кандыдат філал. навук, дацэнт

УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”,

Горкі, Рэспубліка Беларусь
Штучныя мовы – гэта спецыяльныя мовы, якія, у адрозненне ад натуральных, сканструяваны мэтанакіравана. Такіх моў існуе ўжо больш за тысячу, і ўвесь час ствараюцца ўсё новыя і новыя.

Ідэя стварэння новай мовы міжнародных зносін узнікла ў XVII–XVIII стст. у выніку паступовага змяншэння міжнароднай ролі латыні. Першапачаткова гэта былі пераважна праекты рацыянальнай мовы, вызваленай ад лагічных памылак жывых моў і заснаванай на лагічнай класіфікацыі паняццяў.

Пазней з’яўляюцца праекты па ўзоры і матэрыялах жывых моў. Першым такім праектам быў універсалглот, апублікаваны ў 1868 г. у Парыжы Жанам Піро. Праект Піро, які апярэдзіў шматлікія дэталі найпазнейшых праектаў, застаўся не заўважаным грамадскасцю.

Наступным праектам міжнароднай мовы стаў валапюк, створаны ў 1880 г. нямецкім мовазнаўцам І. Шлеерам. Ён выклікаў вельмі вялікі рэзананс у грамадстве.

Са штучных моў найболей вядомыя бэйсік-інгліш, валапюк, ідо, інтэрлінгва, лаціна-сіне-флексіёне, лаглан, лажбан, наві, навіяль, акцыдэнталь, сімлійскаямова, сольрэсоль, эсперанта.

Таксама ёсць мовы, якія адмыслова былі распрацаваны для зносін з пазазямным розумам,напрыклад, лінкас.

Па мэце стварэння штучныя мовы дзеляць на наступныя групы:

– філасофскія і лагічныя мовы – мовы, якія маюць выразную лагічную структуру словаўтварэння і сінтаксісу: лажбан, такіпона, іфкуіль, ілакш;

дапаможныя мовы – прызначаны для практычных зносін: эсперанта, інтэрлінгва, словія;

артыстычныя, ці эстэтычныя, мовы – ствараюцца для творчага і эстэтычнага задавальнення: квення.

Па сваёй структуры штучныя мовы могуць быць падзелены на наступныя групы:

– апрыёрныя мовы – на аснове лагічных ці эмпірычных класіфікацый паняццяў: лаглан, лажбан, ро, сольрэсоль, іфкуіль, ілакш;

апастэрыёрныя мовы – мовы, пабудаваныя пераважна на аснове інтэрнацыянальнай лексікі: інтэрлінгва, акцыдэнталь;

змешаныя мовы – словы і словаўтварэнне часткова запазычаны з няштучных моў, часткова створаны на аснове штучна прыдуманых слоў і словаўтваральных элементаў: валапюк, ідо, эсперанта, нэо.

Найболей вядомай штучнай мовай стала эсперанта (Л. Заменгоф, 1887 г.) – адзіная штучная мова, якая атрымала шырокае распаўсю-джанне і аб’яднала вакол сябе даволі шматлікіх прыхільнікаў міжнароднай мовы. Першая апублікаваная кніга па эсперанта называлася “Lingvointernacia. Antaparolokajplenalernolibro” (“Міжна-родная мова. Прадмова і поўны падручнік”). Псеўданім Заменгофа – Эсперанта (“Які спадзяецца”) – вельмі хутка стаў назвай самой мовы. Тыя, хто размаўляе на эсперанта, называюцца эсперантыстамі.

Алфавіт эсперанта пабудаваны на аснове лацінскага. У алфавіце 28 літар, якія адпавядаюць 28 гукам – 5 галосным, 2 паўгалосным і 21 зычнаму. Кожнай літары адпавядае адзін гук. Чытанне літары не залежыць ад становішча ў слове. Націск у словах заўсёды ставіцца на перадапошні склад.

Большая частка слоўніка складаецца з раманскіх і германскіх каранёў, а таксама з інтэрнацыяналізмаў лацінскага і грэчаскага пахо-джання. Ёсць невялікая колькасць асноў, запазычаных са славянскіх (рускай і польскай) моў ці з іх дапамогай: barakti “боўтацца”, klopodi “клапаціцца”, kartavi “картавіць”, krom “акрамя” і інш.

Граматыку эсперанта можна прадставіць у выглядзе 16 правіл без выключэнняў, для пісьма выкарыстоўваецца алфавіт на лацінскай аснове. Мова адрозніваецца рэгулярнасцю: кожная асноўная часціна мовы мае свой канчатак: напрыклад, -o ў назоўнікаў, -a ў прыметнікаў, -i ў дзеясловаў у інфінітыве, -e ў вытворных прыслоўяў.

Цяпер у свеце налічваецца, па розных падліках, ад соцень тысяч да некалькіх мільёнаў чалавек, якія размаўляюць на эсперанта.
ЛітаратурА
1. Дзюг Гоніназ, М. Славянскі ўплыў у эсперанта / М. Дзюг Гоніназ // Праблемы міжнароднай дапаможнай мовы. – Мінск: “Навука”, 1991. – С. 113.

2. Колкер, Б. Г. Вклад русского языка в формирование и развитие эсперанто: автореф. дис. … канд. филол. наук / Б. Г. Колкер. – М., 1985.

УДК 808.26(072)

ДУЛУБ Н. С., студэнтка



МАЛАДЗЁЖНЫ СЛЭНГ І ЯГО ЎТВАРЭННЕ

Навуковы кіраўнік – МАЛЬКО Г. І., канд. філал. навук, дацэнт

УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”,

Горкі, Рэспубліка Беларусь
У апошні час назіраецца масавае выкарыстанне слэнгавай лексікі ўсімі пластамі насельніцтва. Маладзёжны слэнг – сацыяльны дыялект людзей ва ўзросце 12–22 гадоў, які ўзнік у выніку супрацьпастаўлення сябе не столькі старэйшаму пакаленню, колькі афіцыйнай сістэме. Існуе ў асяроддзі гарадской навучэнцкай моладзі і ў асобных рэферэнтных групах.

Маладзёжны слэнг, як і любы іншы, уяўляе сабой толькі лексікон на фанетычнай і граматычнай аснове агульнанацыянальнай мовы і адрозніваецца гутарковай, а часам і груба-фамільярнай афарбоўкай.

Э. М. Берагоўская вылучае больш за 10 спосабаў стварэння функцыянальных адзінак слэнгу, тым самым пацвярджаючы тэзіс аб пастаянным абнаўленні слоўнікавага складу слэнгу.

На першае месца па прадукцыйнасці выходзяць іншамоўныя запазычанні, прычым амаль выключна англамоўныя. Э. М. Берагоў-ская адзначае толькі два іспанскія запазычаныя словы: загардзіцца – “патаўсцець” і фумарыць – “курыць”, пару нямецкіх. З англійскай мовы: Thankyou – дзякуй – cянько, Parents – бацькі – прэнты, Birthday – дзень нараджэння – бёздэй, бірдэй, адпанасоніць – зняць на камеру; лаптоп – ноўтбук; фіфці-фіфці (fifty-fifty) – 50 на 50; рэспект – павага; чэйндж – абмен; лузер – няўдачнік; дрынк – напой; піпл – людзі; крэзі (crazy) – вар’ят; прайсовы – каштоўны; бэст, бэставы – найлепшы; лаў сторы (lovestory) – любоўная гісторыя; дарлінг – дарагая і інш.

Запазычаныя слэнгізмы ўступаюцьу сістэму словазмянення (гёрл – герла, герлы) і ствараюцца новыя словы (гёрл – герлёныш, гёрліцы, герлуха, герлушка, герловы; дрынк (спіртныя напоі) – дрынкач, дрынкер, дрынк-каманда, дрынчаць, дрынкаць, дрынкануты і г. д.).

Афіксацыя – вельмі прадукцыйны спосаб: прыкалоцца “звяртаць увагу; чапляцца, кпіць; захапляцца” – прыкол “тое, з чаго можна кпіць, чым можна захапляцца”, прыкаліст “той, хто любіць прыдзірацца, жартаваць з кім-небудзь”, прыкольны або прышпільны “пацешны, цікавы”, прыкольна або прышпільна “весела, арыгінальна”, брэндавы – “цалкам новы”, алдовы – “стары”, янговы – “малады”, лонгавы – “доў-гі”, фрэндавы – “які належыць аднаму”, хітовы – “папулярны” і інш.

Метафары (кіскі – “вузкія трохкутныя цёмныя акуляры”, гаршчок – “моташлем”, галяк – “поўная адсутнасць чаго-небудзь”, метанімія (валасатыя – “хіпі”, скурка – “дыплом”). Часта прысутнічае гумарыстычная трактоўка: кудлаты – “лысы”, баскетбаліст – “чалавек маленькага росту”, мэрсэдэс педальны – “веласіпед”.

Аўтанамасія (імя ўласнае як намінальнае): левіса, Луіс – “джынсы”, Машка, Наташа – “дзяўчына”, слухаць Мендэльсона – “прысутнічаць на вяселлі”, гнаць Муму – “хлусіць”.

Складанне каранёў: рынгафон – “тэлефон”, чыкфаер – “запальнічка”.

Універбалізацыя: акадэмка – “акадэмічны адпачынак”, лінейка – “лінейная алгебра”, аўтамат – “залік, атрыманы аўтаматычна”.

Замена слова паронімам: стэп – “стыпендыя”, семачка – “семінар”, ракетчыкі – “рэкеціры”, шпора – “шпаргалка”.

Каламбурная падстаноўка: бязбаб’е – “безграшоўе” (ад: бабкі “грошы”), лаханкі – “незабяспечанае жыццё” (ад: лох “дурны чалавек”), Бялінскі – “белы хлеб”, Чарнышэўскі – “чорны хлеб”.

Шмат жарганізмаў з’яўляецца ў сувязі з развіццём камп’ютарных тэхналогій: вірусняк – камп’ютарны вірус; Тырнет, нэцік – Інтэрнэт; смайлы – смешныя твары ў чатах; глюк сістэмы, глючыць – непаладкі ў камп’ютары; мыла – e-mail; кінуць у off – пакінуць паведамленне; юмыліць – адсылаць лісты па e-mail; блохі – памылкі ў праграме.

Маладзёжныя жарганізмы, якія адносяцца да сферы музыкі, утрымліваюць назвы музычных стыляў: папса, папсяціна – поп-музыка; дарк – цяжкая музыка; дрым, хаўс, драм (Drum’n’Bass) – транс; свяжак – свежая, новая музыка; рэліз – кампазіцыя, якая выйшла ў продаж; трэк – музычная кампазіцыя.

Галоўнай рысай маладзёжнага слэнгу з’яўляецца эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, ацэначнасць і вобразнасць мовы маладых людзей. Разам з мовай развіваецца і пастаянна абнаўляецца моладзевы жаргон. Гэта спрыяе агульнай дынаміцы літаратурнай мовы.


ЛІТАРАТУРА
1. Береговская, Э. М. Молодежный сленг: формирование и функционирование /

Э. М.Береговская // Вопросы языкознания. – 1996. – № 3. – С. 32–42.

2. Подюков, И. П. Жаргонизированная лексика и фразеология в обиходно-разговорной речи молодежи / И. П. Подюков, Н. Ю. Маненкова // Лингвистическое краеведение. – Пермь, 1991.

УДК 808.26(072)

КАВАЛЕВІЧ В. В., НАУМАВЕЦ К. А., студэнткі


Каталог: jspui -> bitstream -> 123456789
123456789 -> Сборник материалов II международной научно-практической конференции 20 апреля 2016 г. Доннту: Донецк, 2016 эл версия русск яз
123456789 -> Распознавание речи и голосовое управление
123456789 -> Черникова О. Ю., Мозговой В. И
123456789 -> Анализ методов восстановления никель-кадмиевых аккумуляторов после потери емкости в процессе эксплуатации
123456789 -> Основы семейного права Украины
123456789 -> В. И. Желязко, Т. Д. Лагун мелиорация, рекультивация и охрана земель
123456789 -> Тема: Установление, восстановление и закрепление границ зе-мельных участков
123456789 -> Министерство сельского хозяйства
123456789 -> Приоритетная задача современного земледелия за-ключается в повышении эффективности и стабильности сельскохозяйственного производства


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   14   15   16   17   18   19   20   21   22




База данных защищена авторским правом ©vossta.ru 2022
обратиться к администрации

    Главная страница